| Як Сцёпка з панам гаварыў |
|
| Библиотека - Сказки на белорусском языке | |
| 04.11.2008 01:14 | |
|
Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Бывала, прыйдзе да яго хто што-небудзь прасіць, а ён як крыкне: «Што скажаш?» — дык той ад страху забудзецца і аб сваёй просьбе. — Нічога, паночку, усё добра,— адказвае бядак калоцячыся. — А па добрым што? — Не ведаю, паночку... — На стайню яго, гэтага галгана! — раве пан.— Даць яму розаг, каб больш сюды не хадзіў! Іначай той пан і не ўмеў з людзьмі гаварыць. I людзі баяліся з ім гаварыць, бо скажаш што не так — да смерці засячэ. Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Было гэта вясною. Сабраўся пан ды паехаў аглядаць свой новы маёнтак. Як паехаў, дык і застаўся там на ўсё лета: вельмі ж яму спадабаўся новы маёнтак. Праўду бо кажуць, што новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць. Тым часам у старым маёнтку нарабілася шмат бяды. «Як жа,— думае аканом,— сказаць пану пра бяду?» Сам ехаць да яго баіцца. Надумаўся ён паслаць каго з дваровых. Ды няма ахвотніка. Каму хочацца дастаць ад пана лішніх розаг? А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэнь не лезе. Імя ён меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Малы, бач, ён быў ростам і шчуплы. Дачуўся Сцёпка, што аканом шукае пасланца да пана, прыйшоў да яго і кажа: — Пашліце мяне — я ўмею з панам гаварыць. Рад аканом, ледзь не цалуе Сцёпку. Даў ён яму хлеба, сала, цэлую жменю медзякоў і выправіў у дарогу. Ідзе Сцёпка, медзякамі пазвоньвае, ніводнай карчмы не мінае. Доўга ішоў ён ці коратка, прыходзіць нарэшце ў новы маёнтак. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! I нацкаваў на яго сабак. Сцёпка дастаў з торбачкі кавалак хлеба, кінуў сабакам. Тыя і перасталі брахаць. Тады Сцёпка зноў падышоў да ганка. — Што табе трэба? — крычыць лёкай.— Тут сам пан жыве! Сцёпка пакланіўся лёкаю і кажа: — А мой паночку, а мой даражэнькі, вось жа мне і патрэбен гэты сам пан. Я прыйшоў да яго са старога маёнтка. Лёкай памякчэў. — Добра,— кажа,— я далажу пану пра цябе. Але скажы ж ты мне, адкуль ты ведаеш, што і я — пан? — Гм,— хітра кашлянуў Сцёпка,— бачу: ты пан не пан, а так сабе паўпанак, бо ў цябе лоб нізкі, нос слізкі, от і відаць, што лізаў панскія міскі. Узлаваўся лёкай, схапіў Сцёпку за каўнер ды давай тузаць. Убачыў гэта пан з акна і паклікаў лёкая да сябе. — Які там хлоп? — пытаецца пан у лёкая. — Ды валацуга нейкі са старога панскага маёнтка,— адказаў лёкай і нізка пакланіўся пану. Пан успомніў, што даўно не быў у старым маёнтку. — Пакліч яго сюды,— загадаў ён лёкаю. Пабег лёкай клікаць Сцёпку, а той дастаў капшук, набіў люльку тытунём ды пачаў агонь крэсіць. Выкрасіў агню, закурыў люлечку. Курыць ды паплёўвае на чысты панскі ганак. — Ідзі ў пакоі, цябе пан кліча! — крычыць яму лёкай. — Не трасца пана трасе, пачакае,— адказвае Сцёпка і пакурвае сабе люлечку. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай.—.. А то пан цябе розгамі засячэ... — Не засячэ! Вось дакуру люльку, тады і пайду. Чакаў, чакаў пан Сцёпку, не дачакаўся. Кліча зноў лёкая: — Чаму хлоп не ідзе? — Люльку, пане, курыць. Пан узлаваўся: — Гані яго сюды! Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Лёкай бяжыць наперадзе, адчыняе Сцёпку дзверы, як пану. Увайшоў Сцёпка да пана ды і закашляўся пасля моцнага тытуню. Кашляе, а пан чакае, толькі злосна вачыма зіркае. Адкашляўся сяк-так Сцёпка і кажа: — Добры дзень, паночку! — Што скажаш? — хмурыцца пан. — Усё добра, паночку. — А па добрым што? — Ды вось, паночку, прыслаў мяне аканом. Бачыце, панскі сцізорык зламаўся. — Які сцізорык? — Ды, мабыць, той, якім пану пёры вастрылі. — Як жа яго зламалі? — Кажуць жа, пане, што без начыння і лапця не спляцеш. А ўсялякае начынне пры рабоце псуецца. Вось так і панскі сцізорык. Хацелі пану на боты злупіць з выжла шкуру, узялі сцізорык. Але на панскім выжле вельмі ж моцная шкура была. Ну, сцізорык і зламаўся. — Якога выжла? Што ты пляцеш, галган? — закрычаў злосна пан і хацеў ужо загадаць слугам, каб забралі Сцёпку на стайню і далі розаг. Але Сцёпка пачаў расказваць далей: — Панскі выжал, гэта той самы, можа, пан памятае, што ўскочыў быў у студню, а Мікіту пасылалі даставаць, дык ён і ўтапіўся там. Эге ж, той самы выжал, што пан любіў яго браць на паляванне. Здаецца, калі не мыляюся, пан аддаў за таго выжла суседняму пану трох мужыкоў... — Што ж, мой лепшы выжал здох? — Здох, пане. — З чаго ж ён здох? — Каніны аб'еўся, дык адразу і ногі выпруціў. — Якой каніны? — Ды мяса жарабца. — Якога жарабца? — Панскага ж буланага жарабца, з лысінкаю. — Што ж, і ён здох? — Здох, пане. А шкада, добры жарабец быў. — О, я нешчаслівы! — Э, пане, чаго турбавацца. Ужо ж ведама, калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк з'есць. — З чаго ж жарабец здох? — Падарваўся, мабыць. — Што ж на ім рабілі? Шпарка ездзілі, ці што? — Ды не, пане, на ім не ездзілі, ён заўсёды на стайні стаяў. — А што ж? — Ваду, пане, вазілі. — Але ж нашто была тая вада? — Людзі ж кажуць, паночку, што як то пішся, дык і за брытву ўхопішся. Як загарэўся панскі свінушнік, дык аканом загадаў і на жарабцы ваду вазіць. — Што ж, і свінушнік згарэў? — Згарэў, пане. — Як жа ён загарэўся? — Бачыш, пане, ён быў блізка каля аборы, дык ад яе і загарэўся. — То і абора згарэла? — Згарэла, пане, як свечка. — З чаго ж яна загарэлася? — Вось гэтага, паночку, добра не ведаю: ці ад абозні, ці мо ад пакояў. — О, то і пакоі згарэлі? — Згарэлі, пане, начыста, от быццам хто языком злізаў. — I ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сей. Ухапіўся пан за галаву ды давай божкаць. — Але з чаго ж загарэліся пакоі? — зноў пытаецца пан у Сцёпкі. — Ад свечак, пане. — Для чаго ж паліліся свечкі? — Ну як жа, пане, вядома, заўсёды свечкі паляць, як хто памрэ. — Хто ж там памёр? — Вечны пакой, каб ёй на тым свеце лёгка ікнулася,— пані памерла. — Што, што ты кажаш?.. Пані памерла?! Пачуўшы такія навіны, пан зваліўся з крэсла, а Сцёпка закурыў люлечку ды падаўся сабе дахаты.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 730 Комментарии (0)
![]()
|


