| Залатая яблынька |
|
| Библиотека - Сказки на белорусском языке | |||
| 03.11.2008 20:35 | |||
|
Жыў дзед і баба. I былі ў іх дочкі — дзедава дачка і бабіна дачка. Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну — Юля. Баба сваю родную дачку песціла, даглядала, а дзедаву ў чорным целе трымала і ўсё шукала прычэпкі, каб са свету яе звесці. Пайшоў аднойчы дзед на кірмаш, купіў бычка-трацячка. Прывёў дахаты і кажа дочкам: — Будзеце пасвіць яго па чарзе — адна дзень і другая дзень. Пагнала ў першы дзень бычка на пашу дзедава дачка. Злая мачыха дала ёй верацяно і мех кудзелі. — Глядзі,— кажа,— каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбеліла і ўвечары дамоў прынесла. А калі не зробіш — не жыць табе. Вывела Галя бычка з хлява, пагладзіла па шыі і пагнала на пашу. Гоніць, а сама горкімі слязьмі заліваецца. Бычок пытаецца: — Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго плачаш? — Як жа мне не плакаць, бычок? Загадала мне мачыха мех кудзелі спрасці, кросны выткаць, палатно выбеліць і ўвечары дамоў прынесці... Ці ж зраблю я гэта за дзень? — Не плач,— адказвае бычок,— гані мяне на шаўковую травіцу, на свежую расіцу, там мы што-небудзь прыдумаем. Прыгнала Галя бычка на шаўковую травіцу, на свежую расіцу. Наеўся бычок, напасвіўся, а потым і кажа: — Цяпер кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно. А сама хукні ў левае вуха і глядзі, што будзе. Палажыла Галя бычку ў правае вуха кудзелю і верацяно, хукнула ў левае вуха і глядзіць. Аж там — кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно беліцца і ў сувой скочваецца. Як усё было зроблена, выняла Галя гатовы сувой палатна і вясёлая пагнала бычка дахаты. Злая мачыха сустрэла яе на двары: — Ну што, спрала кудзелю? Спрала,— кажа Галя і падала ёй гатовы сувой палатна. Мачыха аж за галаву хапілася: такую работу зрабіла яе падчарка! А тут і суседкі прыйшлі — дзівяцца, якое тонкае палатно выткала Галя. Усе хваляць яе, не нахваляцца. Прыйшла чарга гнаць бычка бабінай дачцэ Юлі. Дала ёй маці верацяно і паўмеха кудзелі. Спрадзі,— кажа,— дачушка, гэтую кудзелю і вытчы палатно яшчэ лепшае, чым выткала твая няродная сястра. Хачу, каб цябе людзі хвалілі, а не яе. Узяла Юля тоўсты дубец і пагнала бычка. Гоніць ды ўсё хвошча яго дубцом. Бычок давай кідацца туды-сюды, а Юля бегае за ім, кляне на чым свет стаіць. Бегала, бегала і верацяно згубіла. Прыгнала яна бычка сяк-так на голы выган, палажыла кудзелю, а сама спаць уклалася. Бычок пабэрсаў кудзелю нагамі і ў гразь утаптаў. Прачнулася пад вечар Юля, глядзіць — кудзеля ў гразь утаптана... Схапіла яна дубец ды давай бычка біць. Бычок пабег дахаты, і яна за ім з крыкам. Дома маці пытаецца ў яе: — Ну як, дачушка, зрабіла работу? — Ды не,— кажа дачка. — Чаму? — Бычок вінаваты. Праз яго я верацяно згубіла, а потым яшчэ ён і кудзелю маю ў гразь утаптаў... Узлавалася мачыха на бычка. Пайшла да дзеда і кажа: — Зарэж, дзед, бычка! — Ці не здурнела ты, баба? — здзівіўся дзед.— Навошта нам яго рэзаць? Тут баба як затупае нагамі, як накінецца на дзеда з кулакамі: Калі не зарэжаш, дык я цябе выганю разам з тваёю дачкою! Нічога не парадзіш — згадзіўся дзед зарэзаць бычка. Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абняла яго за шыю і залілася слязьмі. — Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго ты плачаш? — пытаецца бычок. Расказала яму Галя, што надумалася зрабіць злая мачыха. — Не плач, дзеўча,— кажа бычок.— Лепш паслухай, што я табе параю. Як зарэжуць мяне, вазьмі маю печань і там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзі тое зярнятка ў садку каля хаты. Вось і ўсё. Галя так і зрабіла, як сказаў бычок. Вырасла з зярнятка яблынька з залатымі яблыкамі. Хто ні ідзе ці ні едзе каля садка — усе дзівяцца з залатой яблынькі. Ехаў аднойчы з вайны прыгожы малады гусар. Убачыў яблыньку і спыніўся. Працягнуў руку да яе каб сарваць залаты яблык. А яблынька — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Апусціў гусар руку — яблынька зноў стала на сваё месца. Убачыла гэта праз акно Галя і кажа да мачыхі: — Пайду я сарву гэтаму прыгожаму гусару адзін яблычак. А мачыха як затупае на яе, як закрычыць: — Я табе галаву сарву! Схапіла яна Галю ды пасадзіла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблыкі, можа, ён закахаецца ў яе... Падышла Юля да яблынькі, а тая — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Узлавалася Юля, пачала яе лаяць апошнімі словамі. А тут якраз па двары хадзіў пеўнік. Ускочыў ён на плот і кукарэкае: — Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды выйсці замуж за пана... Пачуў гэта гусар, злез з каня і пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зірнуў на яе, дык і вачэй не можа адарваць: так яна яму спадабалася. — Дзеўка-дзявіца,— пакланіўся ёй гусар,— сарві мне на памяць залаты яблык са сваёй яблынькі. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапіў яе, пасадзіў на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў. Дома яны згулялі вяселле і сталі жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзіўся ў іх сын, ды такі прыгожы, што бацькі не нацешацца з яго. Тым часам злая мачыха ніяк не магла спаць ад зайздрасці, што гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. I ўсё думала, як жа яе са свету звесці. Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ: — Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госці. Пакліч яе з сабою купацца ды ўтапі... Паслухала Юля маці, пайшла ў госці да сястры. Падгаварыла яе купацца. I кажа: — Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю. Села Галя на кладцы, а Юля скінула яе ў ваду і пабегла дахаты. Чакаюць дома Галю — няма. Малы сын плача, ніхто суцешыць не можа. Узяла яго нянька на рукі, пайшла ўздоўж рэчкі гукаючы: — Галя, Галюся, твой маладзён плача, есці хоча. Куры спяць, гусі спяць, адзін ён не ўсыпаецца, маткі не дачакаецца... I чуе яна голас з вады: — Ой цяжка мне выйсці да сына: камень ногі падбівае, вада вочы залівае... Пачуў малы сынок матчын голас і яшчэ мацней заплакаў. — Ой іду, сынок, ой бягу,— адгукаецца маці.— Слухаць плач твой, сынок, не магу. Выйшла маці з вады, накарміла сына,— ён і заснуў. А сама назад пайшла. Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкі. Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык і сына ды пайшоў да рэчкі. Прыйшоў на бераг і гукае: — Галя, Галюся, твой маладзён плача, есці хоча. Куры спяць, гусі спяць, адзін ён не ўсыпаецца, цябе не дачакаецца... Пачула маці сынаў голас і адказвае: — Ой іду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу. Выйшла яна на бераг, накарміла сына,— ён і заснуў. Тады муж дастаў з кішэні залаты яблык і даў жонцы. Як толькі ўкусіла яна залаты яблык — адразу апрытомнела. Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталі яны зноў жыць добра і шчасліва. А злую мачыху з яе дачкою больш да сябе і на парог не пускалі.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 646 Комментарии (0)
![]()
|


