| Сынок з кулачок |
|
| Библиотека - Сказки на белорусском языке | |||
| 03.11.2008 20:29 | |||
|
Жылі дзед і баба. I быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок з кулачок. Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле. Баба згатавала абед ды кажа да сына: — Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці. А сынок падхрабрыўся і кажа: — Давай, мама, занясу абед. — Дзе табе данесці яго? — не верыць маці. — Данясу! Узяў сынок з кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў. Едзе сабе і песенькі спявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку: — Тата, я табе абед прывёз! Убачыў яго бацька, зарадаваўся: — Малайчына сынок! Сеў ён абедаць, а сын кажа: — Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду. — Як жа ты будзеш араць? — А паглядзіш,— кажа сын. Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок з кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня: — Но, сівы-буры! I пачаў араць. Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва. — Прадай, дзед, мне свайго аратага,— кажа пан. — Не, пане, не прадам: гэта мой сынок. А пан прычапіўся як смала: прадай ды прадай! — Я табе,— кажа пан,— дам шмат грошай. Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму: — Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку... Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата. Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. «Вось,— думае,— добрага аратага нажыў. Гэтакага ні ў кога няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!» Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез з яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым. Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес. Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблудзіўся. А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача. Ні адсюль ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго. Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць: — Гэй, воўк, нясі мяне дахаты! — Не панясу,— кажа воўк. — Нябось панясеш, як надакучу табе. — Паглядзім,— агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак. Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата: — Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца! Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго. Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку: — Вылазь вон! — Не, не вылезу,— адгукаецца хлопчык.— Нясі мяне дадому. — Не панясу! — злуецца воўк. Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык спакою. Зусім схуднеў воўк, ледзьве ногі цягае. А хлопчык усё сваё права правіць: — Нясі мяне дадому! Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому. Прынёс да двара і кажа: — Вылазь. Вунь твая хата. — Не,— адказвае хлопчык,— нясі на двор. Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць: — Вылазь! — Не, нясі ў сенцы. Прынёс воўк яго ў сенцы. Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць: — Тата, хадзі ваўка біць! Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся. Тут і казка ўся.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 725 Комментарии (0)
![]()
|


